epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ты спяшала, ты бегла па вуліцы..."

Ты спяшала, ты бегла па вуліцы —

Гэта бачыў я, бачыў не раз.

Да каго тваё сэрца так туліцца?

Для каго прыпыніўся твой час?

 

Ці зазнаў ён душою, ці ведае,

Колькі прагі ў табе —

аднаму?

Урачыстая, лірная, светлая,

Як я шчыра зайздрошчу яму!

 

Як мне хочацца, вер мне, як хочацца,

Каб ты з ім сваю долю знайшла!..

Хоць ізноў —

Быццам мара святочная

Для мяне за акном праплыла.

 

Хоць ізноў, толькі хвілю чароўную

Прычакаю —

пачую твой крок,—

Не яго недзе бачу пад поўняю,

А сябе —

бы ў юнацтве здалёк.

 

Ты спяшаеш, каб некаму сад расцвіў,

Сад кахання, навекі адзін.

І шапчу я з самотнаю радасцю:

— Што ж... Ідзі ў сваё шчасце, ідзі!..

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан