epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ты ўспомніш нечы спеў..."

Ты ўспомніш нечы спеў, што на зары

Калісь пачуў, блукаючы ў лясах,

Ці плёскат лёгкі вёслаў на Сажы,

Якім будзіў калісь карасцялёў,—

І гэтага ўжо хопіць, каб стары

Сум па зялёных сцежках і шляхах

Грымотным звонам першых капяжын

Гукнуў цябе да пушчаў і палёў.

 

Зямля, дзе нарадзіўся ты і ўзрос,

Раскінулася ўся перад табой,

З маладзіком начэй і з ясным днём,

Што зліты ў дзіва светлае адно.

Салодкім сокам пахне ад бяроз.

Палі прачаўралі перад сяўбой.

А пчолы звонка кружаць над вуллём

І пасечніка клічуць праз акно.

 

А пройдзе дзень яшчэ, міне другі —

І колькі край наш выявіць красы!

І зноў запомніш ты на многа год,

Што сам рабіў і захапляўся чым,

І як наладжваў трактару плугі,

І як збіраў у песню галасы,

І як вітаў пшаніц, аўсоў усход

З сваім вялікім краем дарагім!..

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан