epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ты знаеш добра, як ішоў я..."

Ты знаеш добра, як ішоў я,

Як нёс агонь, як палымнеў,

Дзе сустракаў жыццё любоўю,

А дзе, што бомбу, кідаў гнеў.

 

Ты знаеш добра, як парою

Трымцеў над хваляй мой масток

І як не выйшаў я са строю,

Хоць біў у скронь смяротны ток.

 

Ты знаеш добра — з вечным болем

Я нёс і славу на гарбе...

Усё ты знаеш, бо ніколі

Я не хаваўся ад цябе!


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан