epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Тым, хто ў дарогу едзе

Усім, хто ў дарогу едзе,

Хто блізкі і родны нам,

Сваім землякам, суседзям,

Сяброўкам і дружбакам,

Хто думкай і сэрцам шчыра

Імкнецца ў бязмежны час,

Сёння на развітанне

Гэткі даём наказ:

— Не забывайце нас

 

На землях Сібіры, Алтая,

Там, каля Сыр-Дар’і,

Будзеце вы, мы знаем,

У добрай, сваёй сям’і.

І ўсё ж, калі цяжка стане

Вам на якой пары,

Згадайце, што ёсць на свеце

Верныя ў вас сябры.

 

Тыя, з якімі разам

У ранак юнацтва ішлі,

І першы смутак спазналі,

І першую радасць знайшлі,

З якімі ўслаўлялі працай

Родны завод ці калгас,—

Згадайце пра нас, гукніце,—

І мы падтрымаем вас!

 

Няхай дзесь на новых месцах,

Дзе ласкі чакае стэп,

Няхай вам жывецца шчасна,

Хай будзе салодкі ваш хлеб,

Няхай ураджайныя нівы

На ўсіх устаюць палях!

А зараз — яшчэ вам жадаем

Шчасця ў далёкі шлях.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан