epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У Ленінградзе

У Ленінград трапляеш, як у дом бацькоў,

Дзе ўсё дарэшты ведама з калыскі:

І сцены, што хаваюць гулкі гром вякоў,

І зоркі, што вянчаюць славы абеліскі.

 

Бягуць імкліва хвалі па Няве,

І салютуе вымпел ім «Аўроры».

А ў позірках людскіх заўжды жыве

Спагада, што калісь пазнаў ты ў горы...

 

Зарой маленства вее з сініх стром.

Юнацкім сонцам стрэне дзень спаткання.

У Ленінград

Прыходзіш, як у родны дом,

Куды даўно-даўно спяшаў пасля расстання.

 

Прыходзіш:

— Добры дзень, мой горад дарагі!

Перад табой схілюся, шапку скіну.

У безыменнай велічы тваіх магіл

Тут спіць мой бацька —

што ў Кастрычніку загінуў.

 

Тут брат мой каля Пулкаўскіх вышынь

І сябра лепшы —

пад аховай манументаў.

І, мусіць, я журуся не адзін.

Па іх суровай песні недапетай.

 

Але наўкол — жыццё, як звонкі цуд,

Пяе, заве на сонечнай дарозе.

І ведаеш:

цябе, як сына, тут

З пяшчотай маці стрэне на парозе.

 

Хай не твая, не родная зусім,

Але навек — такая дарагая.

Што, як свайго, трывогай і святлом сваім

Ад грозных бур заўжды аберагае.

 

І з вераю такой адчуеш зноў і зноў,

Што ты — нашчадак вечных спраў народа.

І ўся Радзіма —

з сонцам і вясной —

З табою ўсюды, і з табой заўсёды

 

Ідзе ў шляхі, якім зайздросціць свет,

З адвагай непахісных пакаленняў,

Каб выканаць вялікі запавет,

Які вось тут даў чалавецтву Ленін.

 

У Ленінград

Прыходзіш,

Як у дом бацькоў,

Дзе радасна і палка б’ецца сэрца...

Нідзе так не пачуеш гул вякоў,

Нідзе так не адчуеш гул бяссмерця.

 

Да шчасця кліча

горда ўзнятая рука —

Ідзі і ганарыся сваім родным сцягам!

І ў словах ветэрана і нашчадка-юнака

Гучыць Радзіме шчырая прысяга!

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан