epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У бацькавай хаце

Дарогамі рознымі

З арміі роднай

Ішлі тры браты пасля бітваў

У вёску пад Гродняй.

 

Прайшлі яны з песнямі

Земляў нямала,

Пакуль прад вачыма, бы ў казцы,

Айчына прадстала.

 

Асенняю раніцай

Нёману хвалі

Здалёк яшчэ плёскатам звонкім

Байцоў прывіталі.

 

— Дзень добры вам, родныя!..

— Вось і прыйшлі мы!..

 

І маці ляціць да іх птушкай

І песціць вачыма.

 

Абдымкамі моцнымі

Бацька страчае

Сыноў,

і на покут іх кліча,

І гэтак пытае:

 

— Скажыце ж, сыны мае,

Скуль вы ідзеце,

Што чулі ў краінах далёкіх,

Што бачылі ў свеце?

 

Дзе з войскам праходзілі,

Дзе ваявалі?

І як вас — ці добра заўсёды —

Там людзі страчалі?

 

Адказвае першы:

— Пабыў я, татуля,

У вогненных стэпах ля Волгі

І ў горным ауле.

 

Дунайскімі хвалямі

Штык мой амыты.

А бераг дунайскі

крывёю

Варожай паліты.

 

Прайшоў з вызваленнем я

Шлях да Белграда,

І ўсюды былі мне, як брату,

Сябры нашы рады.

 

Дзяўчаты белградскія

Песні мне склалі,

А ў песнях тых

сэрца дарылі

І шчасця жадалі.

 

І сына сярэдняга

Слухае бацька:

— Я ворага нішчыў без жалю

— Ля сцен ленінградскіх.

 

Праз пушчы фінляндскія

Ды праз фіёрды

Праносіў я сцяг Перамогі

Высока і горда.

 

І словы пачуліся

Трэцяга сына:

— Я скончыў свой шлях пераможны

— На плошчах Берліна.

 

З сябрамі харобрымі

Біў я чужынцаў

На курскіх палях і на нашых

Бабруйскіх гасцінцах.

 

І кліч мой за Віслаю

Рэхам крылатым

Заходзіў, як вестка аб волі,

У кожную хату.

 

— Паклон жа вам, сокалы,

Бацькаўскі, нізкі,

Нядарма я вас гэтак песціў

Ад самай калыскі.

 

Скажыце ж яшчэ адно

Мне, дарагія:

На свеце прыйшлі даспадобы

Вам землі якія?

 

І разам адказваюць

Хлопцы:

— Ў прыкмеце

Нямала ёсць добрых і слаўных

Старонак у свеце.

 

А ўсё ж аніводнае

Гэткай чароўнай,

Як наша, краіны не знойдзеш,

Не знойдзеш ёй роўнай.

 

Гадамі нам сніліся

Пушчы над Нёмнам,

І нашы багатыя нівы,

І люд наш нястомны.

 

Мы чулі, як з воблакам

Сосны гамоняць,

Як Нёман магутную хвалю

У Балтыку гоніць,

 

Як з бурай змагаюцца

Парасткі ўвесну,

І звонка спяваюць і клічуць нас

Нашы нявесты.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан