epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У бальніцы

1
2
3


Прафесару

Мікалаю Мікалаевічу Аляксандраву

 

 

 

1

 

Хтосьці даў імя вавёрцы — Таня...

Таня, ці знаёма ты са сном?..

Толькі ўстане сіняе світанне —

Таня ўжо на варце пад акном.

 

То сцярожка вушкі натапурыць —

Слухае;

то раптам — скок і скок.

А то зноў прысядзе — вочкі жмурыць

Ды гарэзна кратае лісток.

 

А пасля, наструненая,

нібы

Штось яе трывогай абдало,

Ціха так наблізіцца да шыбы

І камусьці цокае праз шкло.

 

— Цок, цок, цок! —

цакоча і цакоча —

Не заўважыць, хоць і побач стань.

Таня, Таня,

што сказаць ты хочаш

І каму —

у гэтакую рань?

 

 

2

 

А за шыбай той — малая Света.

(Восьмы год паспела перажыць.)

Захварэла Света ў гэта лета,

З хвораю галоўкаю ляжыць.

 

Цяжка Свеце — бы пад нейкім прэсам,

Гэтак боль сціскае, ледзь стрываць.

Наказаў настрога ёй прафесар

Ні на хвілю з ложка не ўставаць.

 

Але ж як уцерпіш тут, не ўстанеш,

Хоць бы ўсе загадвалі: «Ляжы!»,

Калі з ранку раненькага

Таня

Просіць Свету — слова хоць скажы!

 

І з пасцелі цёпленькай, сагрэтай

(Глянула — нікога не відно) —

Устае, ступае ціха Света,

Адчыняе Танечцы акно.

 

— Таня мая, Танечка! —

Пяшчотна

Падае вавёрачцы руку.

А ўжо тая!.. Як да самай роднай,

Горне да яе сваю шчаку.

 

А тады, бы раптам нешта ўспомніць,

Лапкі развядзе і ў ладкі б’е.

А тады сігне на падаконнік,

Скокае, на хвосцік устае.

 

Выкладае ўсю навуку лесу...

— Таня,— просіць Света,— не дурэй...

І не бача Света,

што прафесар

На гульню іх дзівіцца з дзвярэй...

 

 

3

 

«Света, Света... Гэтакага ўчынку

Ну, ці ж мог чакаць я, ну ці ж мог...» —

Думае прафесар пра дзяўчынку...

Дума... Эх ты ж, дума... Горш трывог...

 

Трэ было б сказаць: «Сваволіш, Света...»

Можа, й пакараць... Ды як караць...

Ён жа знае: і ў такое лета

Не кідаюць Светы паміраць.

 

Колькі раз паніклыя галоўкі

Ён трымаў,— апошні чуў хрыпок.

Паміраюць дзеці, як салоўкі,

Захліпнецца ў песні — і набок.

 

Ён, прафесар слынны, мужны воін,

Што прайшоў праз грозныя франты,

Колькі раз

рыдаў усёй душою,

З мёртвага знімаючы бінты.

 

Колькі раз караў сябе самога,

Сам сябе судзіў і катаваў

(Хоць і знаў — не вінен!),

што жывога

Зберагчы не змог, не ўратаваў...

 

Вось і сёння...

Радасны ці горкі

Будзе для дзяўчынкі новы дзень...

— Таня,— кажа Света да вавёркі,—

Сціхні, пасаромся ж ты людзей...

 

Лепей так вось,— перад развітаннем

Абніму цябе, вось тут прысядзь...

І згаджаецца, цішэе Таня,

З радасцю дае сябе абняць...

 

І глядзіць прафесар, як на свята,

На іх дружбу, на пяшчоту іх.

І з кішэні белага халата

Дастае цукеркі для малых.

 

«Што ж... Хай пагуляюць...—

Думкай годзіць

Сам сабе...— Ах, Света-дзераза...»

І кладзе цукеркі, і выходзіць...

Бо пачуў: пячэ ў вачах сляза...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан