epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У цёплым гаі

У цёплым гаі

Дразды аб сонцы,

аб лістоце ў сонцы пелі.

І спевы звонам

звонкай раніцы звінелі

У цёплым гаі.

 

Было так лёгка

І так прывольна

пад іх шчодрае спяванне

Ісці ў дарогу,

у жывое даляглядаў ззянне,—

Было так лёгка!

 

І я паверыў,

Што

Не ўсё яшчэ,

не ўсё яшчэ ў жыцці

аджыта.

Што ёсць яшчэ

і моц душы,

і ранам сэрца — акавіта1, —

Я так паверыў!..

 

О гай праменны,

Табе паклон

за хараство пачуццяў весніх,

За ўсе, за ўсе,

што ўзыдуць у дрыготкім сэрцы,

песні,—

О гай праменны!

 

Дзе ні іду я,

Што ні страчаю —

ці трывогу,

ці навалу злую,—

Заўсёды, ўсюды

сябе вясновай радасцю ратую,—

Дзе ні іду я.

 

Заўсёды бачу

Свой шлях

у сонечнай святой купелі,

Дзе песні ў гаі

мне на шчасце

на жыццё ўсё празвінелі,—

Заўсёды бачу!..

1984

1 Акавіта — жывая вада.


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан