epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У цёткі Ганулі

У цёткі Ганулі чатыры дачкі,

Прывабныя дочкі ў Ганулі!

Забралі прывабных чатыры зяцькі,

А цётку ў шаўкі апранулі.

 

Ходзіць Гануля,

Спявае Гануля,

Каб вёска ўся чула,

Каб людзі ўсе чулі,

Якія дасціпныя дочкі ў яе,

Як хітра іх замуж яна аддае.

 

Пачулі пра гэта чатыры зяці

І ўсе паспяшалі да цешчы прыйсці.

 

— Ах, мамачка,— кажа так

Першы ёй зяць,—

Я сам здагадаўся дачку тваю ўзяць!

І гэтак жа горача

Кажа другі:

— Нямала па мілай

Я сох ад тугі!

І трэці за імі:

— Не крыўдзі нас, мама,

Дачку тваю сам выбіраў я таксама!..

І толькі чацвёрты:

— Што ж, праўда твая —

Ты хітрая, цешча, а блазен быў я:

Ты сілай, ты сілай

Мяне ажаніла,

Мяне ажаніла

І перахітрыла —

Пасаг абяцала,

А дзе той пасаг? —

Так зяць прамаўляе,

А ўсмешка ў вусах.

 

— Дык вось што за цаца ты,—

Крыкнула цётка,—

Табе я ўзрасціла

Такую лябёдку,

А ты мне хлусіць яшчэ вырашыў, кат,

Вяртай жа дачку маю зараз назад!

Ходзіць Гануля,

Бушуе Гануля,

Каб вёска ўся чула,

Каб людзі ўсе чулі,

Якая ў Ганулі

Пакора-дачка:

— Кіне, кіне свайго мужыка!

 

Дачка ж — паспрабуй-ка яе ты вярні,

У маці ўдалася, ад мужа — ні-ні! —

Смяецца ды мужа раз-пораз цалуе

І нават не гляне на маці старую.

 

Тут бачыць Гануля —

не прост яе зяць,

Такі, браце, зяць —

з яго нечага ўзяць,

І пляснула ў ладкі:

— Дык што ж вы, сыны

Сядайце, частуйцеся, ешце бліны!

 

І потым, як зноў загуляе, бывала,

Пра ўсё ў сваіх песнях Гануля спявала,

Пра тое ж, як замуж дачок аддавала,

Казаць не любіла, не прыпамінала...

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан