epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У дзень суніц

Ой, зарадзілі сільна, буйна

Ягады ў бары.

(З народнага)

 

 

Сярод лістоў, пад сцюжай абгарэлых,

Калі мятуць іх мётлы непагод,

Прыгадвалася мне, як ты сустрэла

Мяне калісьці светла ля варот.

 

Сярод снягоў, сумётаў прыдарожных,

У клопатах, каб хоць касцёр не згас,

Я ўспомню, як на заклік мой трывожны

Ты словы ласкі слала мне не раз.

 

Сярод пялёсткаў руж і медуніцаў,

Калі звініць прастораў чысціня,

І ў сто гадоў прыпомніцца й прысніцца

Адданых тваіх вуснаў цеплыня.

 

А ў той усёй, усёй красе на свеце —

У сполаху ліпнёвых зараніц

Мне захавае памяць спеў аб леце,

Аб шчасці маладым сярод суніц.

 

Парой суніц, на сонечнай паляне,

Дзе ліпеньская слалася духмень,

Сустрэлі мы з табою тое ранне,

З якім прыходзіць самы ясны дзень.

 

Мы толькі ўдвух былі прад светам родным,

І свет вітанняў нам не выбіраў,

Ён нас вітаў

птушыным спевам згодным,

Расой сцяжын, спакоем дрэў і траў.

 

І шчасце наша — не неспадзяванка —

Было такім жа поўным з тым жыццём,

Як з ягадамі спелымі

лубянка,

Прыкрытая калінавым лісцём...

 

Даўно?.. Даўно ці не... Магчыма, ўчора...

Учора і сягоння. Дзень у дзень.

Пакуль плывуць

з зялёным бляскам зоры,

Пакуль спявае сонечны прамень,

 

Пакуль гамоніць бор над ціхай сховай,

Дзе ягады выходзяць

нас страчаць,

Пакуль гучыць у сэрцах тое слова,

Што іхняй прагай дадзена гучаць,

 

Пакуль ёсць ты, а значыць —

непагасны

Агонь жыцця на самы доўгі час! —

Датуль мне пець аб шчасці з доляй яснай —

Ва ўсім, ва ўсім. Што вокал нас і ў нас.

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан