epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У гасцях у маці

І вось я зноў у тыя сцены

Прыйшоў,

дзе родны ёсць парог...

Дзе голас добры, летуценны

Маленства ціхае сцярог...

 

Ручнік, іконка, шчэпцік мяты,—

Усё, як колісь, на куце.

А вунь і працаўнік зацяты,—

Мярэжку павучок пляце.

 

Усё ён лесвічку майструе

Да столі, да сваіх нябёс,—

Парвуць старую —

пагаруе

Ды склеіць новую са слёз...

 

Аб ногі трэцца котка мілы,

Мурлыка, даўні мой сябрук.

А вунь і пеўнік шызакрылы

У хату скочыў,

просіць з рук

 

Якога-небудзь пачастунку,

Крупінак нейкіх ці зярнят...

Прыліп да шыб сталетнік стрункі,—

Вазоны — нібы ў іх парад...

 

Няйначай кветнік цэлы ў хаце —

Нат ружам тут — ані бяды...

А дзе ж сама ты зараз, маці,

Чаму не стрэла як заўжды?

 

Ды вось яна,— дарма трывога! —

Бяжыць, спяшаецца яна.

«А сыначку!» — крычыць з парога.

І бачу: маці не адна...

 

Як і раней,— свае, не хтосьці,

Чужых ніколі тут няма,

Прыйшлі за ёй, вітаюць госця

Суседкі — цэлая гурма...

 

І вось ужо шуміць застолле,

Як спаконвек, ва ўсе часы,

Бяседа чуйная прывольна

Прабуе дружна галасы.

 

Да дна асушаны кілішкі,

І звоніць песняў звонкі лад,—

Бо ў песнях —

хто калі быў лішні?

Хто дасць,

каб спеў пайшоў на спад

 

Зялёная вішня

З-пад кораня выйшла.

Не аддай мяне, мама,

Дзе я не прывышна.

 

Я выйду да долу

Дый крыкну дадому:

Вары, мама, вячэру

Дый на маю долю.

 

Варыла, варыла

Ці многа, ці трошкі.

Няма табе, доню,

Ні міскі, ні ложкі.

 

Я міску разбіла,

Я ложку зламіла,

Ідзі туды, доню,

Дзе лета рабіла...

 

Ты думаеш, мама,

Што я тут паную,

Прыйдзі падзівіся,

Як я тут гарую.

 

Ты думала, мама,

Што я тута скачу,

З-за дробных з-за слёзак

Я свету не бачу.

 

Успомні мяне, мама,

Хоць раз у аўторак,

А я цябе, мама,

На дзень разоў сорак.

 

Ты ўспомні мяне, мама,

Хоць раз у суботу,

А я цябе, мама,

Йдучы на работу.

 

Ты ўспомні мяне, мама,

Хоць раз у нядзелю.

А я цябе, мама,

Сцелючы пасцелю...

 

Зялёная вішня

З-пад кораня выйшла,

Не аддай мяне, мама,

Дзе я не прывышна...

 

— А вой, як сумна загулі мы,

Хіба не можам весялей?

Ты маладзейшая, Куліна,

Вядзі далей спявацкі рэй!..

 

Куліна доўга не трывала,

Ахвотна, шчыра пачала.

І ўміг — як бы таго чакала —

Паўстала песня з-за стала:

 

Ой біла ж мяне маці

Бярозавым прутам.

Каб я не гуляла

З маладым рэкрутам.

 

А я ўсё гуляла,

Пакуль пеўні пелі.

На дзверы воду ліла,

Каб жа не рыпелі.

 

На дзверы воду ліла,

На пальцах хадзіла,

Каб маці не чула

Ды мяне не біла...

 

— Ну во, азвалася вясёлай!—

Сама Куліна сее смех.—

Як завялі якое кола...

Ох, грэх мне, любкі, ці не грэх,

А ногі скокаў так і просяць,

Нібы іх чэрці зараз носяць!

 

Ох, ох, п’ю за трох,

Не хачу я за парог!

Іграй, скамарох,

На сачыўку, на гарох!

Я сачыўку змалачу,

Скамароху заплачу,

Заплачу, заплачу,

Заскачу, што захачу!

 

І так нагамі маладымі

Сыпнула проста за сталом,

Што падалося: ўсіх падыме,

Ўсё зараз пойдзе хадыром.

 

Але ўтрымаліся жанчыны,

Спакусу смехам адбылі.

І згодна, зладжана

з Кулінай

Далей спяванку павялі.

 

Ой, краса завяне,

Шчасце не падмане.

Не радзіся красны,

А радзіся шчасны.

Не радзіся красны,

А ні ў дні, ні ў ночцы.

А радзіся ў шчаснай

Матчынай сарочцы.

 

Шуміць застолле ўцехай поўнай,

Ніхто ад згоды не ўбаку...

А я з адданасцю сыноўняй

Цалую любую руку.

 

О маці добрая мая ты,

Мой непаўторны, добры лёс!

Чым жыў бы я без гэтай хаты,

Без серабра вось гэтых кос!

 

Без воч тваіх, задумных, чыстых,

Без іх чароўнай цеплыні!

Без спевак гэтых

галасістых,

Што слухаў і ў маленства дні,

Без успамінаў незабыўных,

Якія так хвалююць тут

І сэрца поўняць дзівам дзіўным —

Святлом, што тоіць родны кут!..

 

Гляджу на шчырасць твараў ясных

І думаю — амаль услых

Аб харастве дарог сваіх,

Што са сцяжын усіх, сцяжынак

Сюды прыводзяць на спачынак,

Дзе сонца роднае і зоры,

А лёс заўсёды радасць дорыць:

— Не радзіся красны!..

А радзіся шчасны!..

Ой, краса завяне,

Шчасце ж не падмане!

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан