epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У гасцях у сяброў

У гасцях у сяброў,

Далёка ад роднага краю

Я дыханне яго маладое,

Куды б ні ступіў, адчуваю.

 

Тут сініх не знойдзеш азёр,

Як у нас на Палессі,

Тут не ўбачыш адбітых у хвалях

Сунічных пажараў на ўзлессях,

 

Тут бурнай калматай ракой

Падпяразаны горы,

А даліны акрыты ў цяснінах

Смугою спякотнага мора.

 

Ды калі я на Вахшы глядзеў,

Як калгасныя людзі

Праз даліну капалі каналы,

Сухадолу ўгрызаліся ў грудзі,

 

Каб светлая хваля ракі

Да бавоўны дапала,

Каб на кволай лазе вінаграднай

Багатая завязь не спала,—

 

Я пазнаваў Беларусь,

Чуў гамонку чаротаў,

Дзе мы пад жыты і пшаніцы

Асушвалі багны-балоты.

 

І калі свідраваў таджык

Усё далей і шырай

Цела гор, каб з шасейнай дарогай

Прыйсці да братоў на Паміры,—

 

Мне бачыўся мінскі завод,

Дзе хлопцы злічылі па хвілі,

Калі яны выдадуць краю

Магутныя аўтамабілі.

 

І ў гэтым вось наша жыццё

І вяршыня жаданняў:

Пазнаваць у дыханні Радзімы

Сваё маладое дыханне.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан