epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"У глухой, затхлелай студні я жыву..."

У глухой, затхлелай студні я жыву.

Дым з туманам — дзень і ноч на галаву.

Дзе ты, сонца?

У бясконцую зацьмень

Хоць аднойчы б ты прынесла мне прамень.

 

Я ўстаю на ранку — б’ецца ў скронях звон.

Я кладуся — не дае заснуць мне ён.

Я ўсю ноч у млоснай стоме бачу сны:

На званіцах цяжка бухаюць званы.

 

Кінуць-рынуць бы, пабегчы ў цішыню.

Ды з усіх бакоў — то стрыт, то авеню.

Небаскробы, палісмены, п’яны зброд

І вар’яцтва:

бег, енк, рык, лёт.

Хочаш смейся, хочаш плач, а хоць крычы.

Але сэрца зноў загадвае: маўчы!

Ты не сам, не па сабе, ты на пасту.

Дачакайся: гоніць час тваю вярсту!

 

І скрыпіш зубамі, ціснешся ў камок.

А з вышыняў наплывае гул і смог.

Паласуе крык сірэн у сто радоў...

Засынаю... «Ці надоўга?..»

засынаю...

«ці на доў...»

 

Кастрычнік 1969,

Нью-Йорк


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан