epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У лесе

Лес быў ціхі і пануры,

Як пасля вялікай буры.

Глянеш — граб і клён

Спяць, змарыў іх соп.

 

Сон змарыў і ўскрай альховы,

І гушчар густы хваёвы,

Праміналі дні

Ў сумнай цішыні.

 

Ды аднойчы на марозе

Абудзілі лес палоззі,

Паміж дрэў пабег

Дружны гоман-смех.

 

Падшукалі лесарубы

Кут у лесе, сэрцу любы,

Слаўны кут лясны.

Стаўце буданы!

 

Зазвінелі тапарамі,

Абагрэўся лес кастрамі,

Ззяюць аганькі,

Ніцяцца дымкі.

 

Не лясною цвіллю спрахлай —

Бульбай печанай запахла.

Рыбай-акунём,

Піпкай з тытунём.

 

А праз дзень — другое дзіва:

Пасля працы рупатлівай

Ад шашы ў палёх

Шлях у лес пралёг:

 

Заглядзеліся крушыны:

Па шляху бягуць машыны,

Цяжка ідучы,

Стогнуць цягачы.

 

Колькі тут магутнай сілы!

Запусцілі людзі пілы

І з хвіліны той

Страцілі спакой.

 

Многа ім патрэбна бёрнаў

Для калгасных хат прасторных,

Гмахаў гарадскіх,

Цэхаў завадскіх.

 

Грукацяць, гудуць маторы

Ці пры сонцы, ці пры зорах,

Калі ў працы лад,

Кожны сэрцам рад.

 

Перамог лес сон зімовы,

Сон маркотны і суровы,

Скінуў снег з плячэй,

Дыхаць стаў лягчэй.

 

Рад ён шчыра, што прасека

Пад рукою чалавека

Вунь аж да сяла

Роўна пралягла.

 

Прыйдуць стуль вясною ветры,

Раскалышуць яго нетры,

Зерні з дрэў саб’юць,

Парасткі ўзрастуць.

 

І падымецца навокал

Маладняк густы высока,

Каб заўжды, заўжды

Лес быў малады!

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан