epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"У мяне няма нічога..."

У мяне няма нічога,

Акрамя сяброўскай, чулай

Ласкі, што душу заўжды сагрэе.

А з той ласкаю — трывога,

Каб яна не прамінула,

Каб я сам яе раптоўна не развеяў.

 

У мяне няма нічога,

Акрамя твайго прызнання,

Што і ў будні ты са мной і ў святы.

А хіба гэта не многа?

Нават кропляй ад твайго кахання

Ці ж не быў бы

самы я багаты?

 

У мяне няма нічога,

Акрамя прастораў польных

Пад высокім, пад лагодным сінім небам.

А ў прасторах тых — дарога

Да цябе, і да сяброў, і ў свет прывольны...

Што ж яшчэ нам,

што ж яшчэ, скажы, нам трэба?..

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан