epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У палаце

Ціха ўвойдзе сястрычка,

Нібы вінаватая...

Перапросіць:

— Даруйце,

Да вас я няпрошана зноў...

І апусціцца шпрыц.

І праз момант —

Хіснецца палата,

Гайдане галаву

Нейкі гул —

можа, ў сотню званоў.

 

Эх, сястрычка, сястрычка...

А ты ж абяцала...

Абяцала мне

зелля такога

Не прыносіць

ні кропелькі больш...

 

А палата плыве.

І кудысь адступаюць памалу,

Але як жа памалу! —

Глухая самота і боль.

 

Зноў, як кожнага дня,

Ужываешся ў будзень бальнічны,

Зноў ідуць думкі-думы

Па тых жа, штодзённых, кругах.

Ловіш мройны, далёкі

Аціхаючы гром навальнічны,

І няма сутрымання —

Аж абпальвае скруха-туга.

 

Але хай хоць і скруха,

Найсамая горкая ў свеце,—

Толькі б зноў бы —

хутчэй бы, хутчэй бы

Адпусціла вось гэта турма.

Толькі б вырвацца к сонцу —

У сцежкі, у ліўні, у квецень!..

Ды куды ірванешся?..

Ці ўзнімешся з ложка?..

— Эх-ма!..

 

Цяжка дыхае побач

Ветэран —

грудзі ў ордэнах Славы,—

Стогне колькі ўжо дзён

Ад іржавых асколкаў вайны;

Трызніць гулам атак

Пад Масквой, над Арлом і Варшавай...

Ды і ўвесь тут шпіталь —

Пра баі успаміны адны...

 

Ды і ўвесь тут шпіталь —

Быццам водгулле

бітваў далёкіх;

Ад уздыхаў гарачых

Аж кругам ідзе галава...

Хоць бы хто здагадаўся —

Зусім

Нашы выставіў вокны! —

Хай бы нас пагаілі

Спеў ліўняў,

трава,

сінява...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан