epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У скверы Дзяржынскага

Напіўшыся сонца над Мінскам,

Нястрымны, упэўнены, смелы —

На галаву Дзяржынскага

Сеў голуб белы.

 

Сеў, азіраецца горда:

Ці бача яго

шызачка-любка —

Лепшага ў свеце горада

Лепшая галубка?..

 

Галубка

бача каханага

І села б з ім побач ахвотна.

Ды толькі...

«Ах, што ж ты, абраны мой!..» —

Хоча крыкнуць маркотна.

 

«Ах, што ж ты,—

ёй хочацца крыкнуць,—

Хоць трошкі б

меў асцярогі!..

Бо гэта ж сам Дзяржынскі,

Самы са строгіх строгі...

 

Хоць і маўчыць ён,

навекі

Славай уліты ў бронзу,—

Ды раптам адкрые павекі

І ў гневе

пагляне

грозна!..»

 

Не ведае яна, ясачка,

Не ведае, не адчувае,

З якою

Дзяржынскі

ласкай

Голуба

на чале

трывае.

 

Не ведае,

з якою чуласцю

Усё ён стрываць гатовы,—

Толькі б

заўсёды чуліся

Яму

галубоў размовы...

 

Толькі б ведаць,

што ў клопаты

Спакойна крочыць Радзіма...

Што маці

дзяўчат і хлопцаў

З сонечнымі

гадуюць

вачыма...

 

Што хмары нідзе не збяруцца

Над роднай {збяруцца

Ііад родпай }зямлёю мілаю...

І чысты

меч рэвалюцыі

Іржа забыцця

не выела...

 

...Коціцца з грукам па Мінску

Лета гарачае кола...

На галаве Дзяржынскага

Буркуе шчаслівы голуб...

 

Буркуе, іскрынку-роску

Ловіць з лісточка дзюбай...

«Ды не бойся ж!..» —

звонкагалосы

Падахвочвае любку любую...

 

І галубка —

быццам карункі

На шыі

шызыя

ніжа...

І галубка —

танцуе струнка

І да любага — бліжай, бліжай...

 

А навокал —

зяленіцца, звоніцца,

Шчырэе, шчыруе горад.

А на горад —

лье густа

сонца

Праменні

блакітнага мора.

А ў праменнях

на вуліцах Мінска

Пяюць

пра мам сваіх

дзеці...

На галаву Дзяржынскага

Падае з ліп квецень...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан