epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У танцы

Толькі граў бы гармонік

ды бубен не ціх.

Толькі б слухаць загады

рук цёплых тваіх.

Толькі ў вочы б глядзець,

не ўпусціць іх святла.

Толькі ўсмешку ўтрымаць,

што душу апякла.

Толькі б ногі траплялі

усё ў такт, усё ў такт.

Толькі б бачыць ухвалу:

«так, мой міленькі, так!»

Толькі б сэрца да сэрца

імкнулі настрэч.

Толькі б хустка шаўковая

пырхнула з плеч.

Толькі б позіркам ты —

паказала падняць...

Толькі б вусны сышліся —

не разняць, не разняць...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан