epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

У вёсцы

Ці то мне сніцца, ці ўзабыль:

Над ціхімі затокамі

Кляны пусціліся ў кадрыль

З бярозамі высокімі.

 

Там звон пчалы, там бас чмяля,

Ігранне, спеў навокала.

І дрэвы скачуць, аж зямля

Пад краскамі завойкала.

 

А побач ціха, чарадой,

Стаяць дзяўчаты, ласкава

Глядзяць, як дружна над вадой

Дубы ў далоні пляскаюць.

 

І нехта кажа:

— Што ж, і мы

Станцуем вам не так яшчэ! —

Хай толькі вернуцца з вайны

Салдаты, хлопцы нашыя...

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан