epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Унук

Чаканне з трывожнымі днямі,

Усё — для чаго, для чаго?

Для новага дзіва між намі,

Для звонкага крыку твайго.

 

Высокі, шчаслівы, адвечны

Крык першых трывог і надзей.

Як знак, што ў сям'і чалавечай

Адвечна —

дарога людзей.

 

І вось дзеля гэтай дарогі,

Адкрыўшы ўсім новы свой дар,

Устаў ты на ўласныя ногі —

Як новы зямлі гаспадар.

 

Упарта ступаеш, ступаеш,

Упэўненым робіцца крок.

І гневаешся —

не пускаюць

У свет таямніц, за парог.

 

Ну, што ж, калі звычка такая —

Стрымаць, каб не быў завадным...

Ну, што ж, брат, такое бывае

Не толькі з табою адным...

 

А ты не спыняйся, цягніся

Да клямкі,

ірвіся з дзвярэй.

А ты, брат, на волю імкніся,

Ідзі ўсё смялей і смялей!

 

Ідзі і не бойся ні ўпасці,

Ні нават ударыцца, ўнук.

Бо глянь, колькі з ласкай і шчасцем

Сустрэць цябе

цягнецца рук...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан