epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Упэўненасць

Паэта не пытаюць, ён нядужы

Ці яшчэ ў сіле сэрца і рука.

Пакуль звініць

жывая сталь радка —

Упэўнен свет:

з ім моц юнацтва дружыць.

І гэта праўда.

Светлы лёс паэта —

Усё жыццё імкнуцца ў маладосць.

Заўжды ў паходзе быць,

пакуль дыханне ёсць —

Быць

маладосці песняром

для свету.

І ў лёсе тым

на ўсё ён мае права:

Кахаць,

Гарэць,

Цярпець,

Праменіць,

Сніць.

А толькі

прыпыніцца,

хоць на міг імкненняў шлях спыніць —

Яму ніколі не дазволяць

ані слава, ні няслава.

 

 

*

Упэўнен свет — свет Маці роднай, Краю,

Братоў і Сёстраў, сэрцу дарагіх,

І будучых, якіх яшчэ не знаю,

Нашчадкаў, прадаўжальнікаў маіх,—

Упэўнен свет:

калі ён пеў ці плакаў,

Трыумфаваў ці нікнуў ад тугі,

Ці ў працы рупнай цешыўся падзякай.

Ці ў бітву нёс агністыя сцягі,

 

Калі святло дарыў шляхам замглёным,

Са змрокам душ змагаўся векавым,—

Упэўнен,—

ты, адзін з яго мільёнаў,

Заўжды і ўсюды крочыў разам з ім...

 

Упэўнен,—

і не так, з якойсь нагоды,

Але таму, што твой заўважыў плён...

І гэта ёсць —

яго узнагарода;

Вышэйшае —

ты знай —

не мае ён!..

 

 

*

Дык захавай жа, лёс мой,

прагу пець і жыць,

І спеласцю, як зерне, налівацца.

Хоць і на смерць ісці, а не здавацца

І справе, што душой абраў, служыць.

 

Дык захавай жа, лёс мой,

прагу кожны дзень

І сонцам ззяць, і прарастаць травою.

Гарачай непакорнай галавою

Страчаць і песціць цяжкіх дум прамень.

 

Дык захавай жа прагу —

гнеў, агонь аддаць

У смутак, у няўтульнасць, у трывогу.

І радавацца дай,

калі па мне дарогу

Хтось пракладзе

у маладую даль...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан