epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Урачыстая песня (Паэма)

ПЕСНЯ ЮНЫХ ЗМАГАРОЎ


Калі я быў

Такі, як вы,—

Я піянерам быў.

Тады і я,

Як вы цяпер,

Паходаў дні любіў.

Любіў

З сябрамі ля кастроў

На крыллях песень

Плыць.

І піянерскіх

Светлых мар

Нідзе мне

Не забыць.

Любіў я

Горна звонкі кліч:

— Хутчэй спяшайся ў строй!

Любіў

Пад сонцам

Гулкі крок,

Прывалы —

Пад зарой.

І вось

Ажно з тае пары

(А часу шмат сплыло!

Мне добра помніцца,

Сябры,

Наш лагер

За сялом.

Пад халадочкам,

Пад расой

Звінеў птушыны бор.

І зваў шторанку

На прастор

Сяброў

Пявучы горн.

Які ў нас быў, браткі,

Гарніст!

То быў артыст, паэт!

Калі іграў ён,

Дык наўсцяж

Увесь іскрыўся свет.

Я знаю —

Ўседзець не змаглі б

Без справы там і вы,

Калі б пачулі,

Як іграў

Наш Пецька Канцавы;

А што да нас —

Дык нам заўжды

Быў святам

Гэты міг:

Свой горн пачуць

І зноўку стаць

У строй

Сяброў сваіх...

Я потым

Шмат

Прайшоў сцяжын,

Шмат бачыў

Розных дзіў.

І кліч суровы, баявы

Не раз

Мяне будзіў.

Ды ўсё ж

Здавалася заўжды —

Дзе б што я ні рабіў,—

Што на шляхах

Майго жыцця

Са мною

Пецька быў!

 

 

*

Калі я быў

Такі, як вы...

Калі ж гэта было?..

Было даўно —

З тае пары

Нямала дзён сплыло.

Даўно

Акопы зараслі —

Сляды ліхой вайны;

Ужо і вы

Ў паход пайшлі —

Герояў тых сыны,

Што Перамогу здабылі, —

Мільёны

Юных вас

На змену

Горны узялі —

Касцёр бацькоў

Не згас!

І вас убачыўшы,

Сябры,

Ў шарэнгах веснавых,

Я веру:

Зноў мяне ў паход

Гукае Канцавы;

І з вамі поруч

Я іду,

Ваш горн

І мне пяе,

І — бачу даўнія

Адсюль

Канікулы свае.

 

 

*

О час канікул,

Лета час!

З дарогі, смутак, збоч!

Звіні

Пасля узлётаў дня

Пад Сірыусам, ноч.

Звіні і слаўся,

Шлях прыгод,

Сустрэчы ля кастра

І песня,

Што вяла ў жыццё,

Як лепшая сястра.

Такую песню

Не забыць,

Такую

Ў здзек не дам!

Яе

Здалёк,

Бы светлы дар,

Нясу сягоння вам.

 

 

*

 

ПЕСНЯ ЮНЫХ ЗМАГАРОЎ

 

Нашы бацькі

нам падарылі

Славу агністай пары,

Гэй, узвівайце

дужыя крыллі,

Юныя ўсе змагары!

Гальштукі алыя,

Клічуць гарністы,

Гальштукі алыя —

Сэрцы, як іскры,

Гальштукі алыя,

Смелыя, ўдалыя —

Клічуць гарністы,

Клічуць гарністы!

Пройдуць гады,

пройдуць паходы,

Смела, касцёр наш, гары!

Будзьце гатовы к бою заўсёды,

Юныя ўсе змагары!

Гальштукі алыя,

Клічуць гарністы,

Гальштукі алыя —

Сэрцы, як іскры,

Гальштукі алыя,

Смелыя, ўдалыя —

Клічуць гарністы,

Клічуць гарністы!

Станем, сябры,

станем на свеце

Полымем яснай зары.

Мы — піянеры,

Леніна дзеці,

Юныя ўсе змагары!

Гальштукі алыя,

Клічуць гарністы,

Гальштукі алыя —

Сэрцы, як іскры,

Гальштукі алыя,

Смелыя, ўдалыя —

Клічуць гарністы,

Клічуць гарністы!

 

 

*

На баравінах —

Пах суніц.

У полі —

Дых жытоў.

Зямля

Пад грукам навальніц —

Як,гулкі камертон.

Зямля звініць.

Зямля пяе.

Мелодый —

пад блакіт.

Там — ручаіначка ў траве

Цурчыць паміж ракіт,

Там — стрыж

Пакіне

Свіст крыла,

Там — чмель

Утне ў басоль,

Там — па-над кветкаю

Пчала

Зацягне

мі-фа-соль.

Там — загудуць ствалы,

А там —

Аж грымне раптам лес:

Як быццам ён

Тэатрам стаў

І свой

Займеў аркестр.

І скрыпка тут,

І кантрабас,

І, можа, сотні флейт...

Пяе, пяе

Уся зямля

Што міг — то весялей.

І дзе ні стань,

Куды ні глянь —

Цвітуць лугі, палі.

Так лёгка

З песняю ісці

Па гэтакай зямлі!

І мы ішлі,

І мы жылі,

Шукалі

Лета скарб.

Між баравін,

Між ручаін

Наш спеў

Гайдаў абшар.

Знаёмствы. Дружба. Дні сустрэч.

Вясёлых маршаў дні.

Здаецца час той —

Як жывы,

Ледзь успамін крані.

Калі цяпер

Туды пайду —

Здаецца, і цяпер

Маленствам

Мне звініць, павер,

І сітнік, і аер,

І кожны знак,

І кожны след

Вядзе

Ў той слаўны час!..

Расці

Для шчасця

На зямлі —

Такі вялікі ўказ

Дало жыццё нам,

І яму

Мы верылі спаўна...

Ды бурай грымнула

На нас

Суровая вайна.

 

 

*

Вам невядом

Вайны пажар,

І не шкадуйце, не!

Няхай вам

Лютасць чужаніц

Не ўбачыцца і ў сне,

Няхай ніколі вам

Нідзе

Жуда не слепіць воч,

Як нам —

У сумную павек

У чэрвеньскую ноч.

Табун высокіх ціхіх зор

Масціўся на начлег,

Яшчэ свяціўся

Наш касцёр,

Гучаў з палатак смех,

Крычала птушка:

«Жыць ды жыць»,

Плыла

Зара на ўсход...

Калі над намі

Закружыў,

Як злодзей,

Самалёт.

І грымнуў гром,

І войкнуў дол,

І грохнуў долу краж,

І смерць

Бязлітасным агнём

Паліла лагер наш.

І немы крык,

І плач, і енк

Кідалі жах і боль.

Аж стогнам бацькі

Застагнаў

Над сябрукамі

Бор.

 

*

Калі я быў

Такі, як вы,—

Тады і я, сябры,

Любіў

З дружбацкаю гурмой

Зарой

Будзіць вятры,

Любіў

Пад сонца ці пад дождж

Імчацца басанож,

Любіў

Заплывам на быстру

Разрэзаць плынны Сож...

Але не так, не так, не так

Пасля бамбёжкі той

Прыйшоў да нас

Наступны дзень...

Не клікаў над вадой

Драч, як раней:

«Устань, устань!»,

Не лашчыў ног

Струмень,

Не абуджаў, не хваляваў

Задзірысты прамень;

Замерлі

Польныя вятры,

Ледзь дыхаў

Лес парой,

Не пеў гарніст,

Не зваў гарніст:

— Хутчэй спяшайся ў строй

Між пашчапаных

Чорных пнёў,

Дзе ўсцяж агонь гарэў,

Хто — на задымленай траве.

Хто —

Пад стваламі дрэў,

Хто — з кніжкай

(Бы ад бомбаў тут

Хаваў святло навук),

Хто —

Абдымаючы зямлю

З пяшчотай

Юных рук,—

Ляжалі хлопцы,

Не, не сны

Дабачвалі яны,

А сталі першымі яны

Ахвярамі вайны.

Ляжаў Сярожа,

Наш радыст,

І Федзя, астраном,

Андрэй і Коля, мастакі,

Апошнім

Спалі сном,

Ляжалі Васі — дружбакі,

Музыкі, спевакі,

І Янка, шчыры следапыт,

І Цімка, стырнавы...

І разам з імі

Упаў навек

Наш Пецька Канцавы.

Які то быў, браткі, гарніст!

То быў артыст, паэт!

Калі іграў ён —

Дык наўсцяж

Увесь іскрыўся свет.

Звінеў званочкам

Кожны ліст,

Свяціўся

У смолках дол,

Хор пеначак

Світальны спеў

Кідаў на сто ладоў,

А ў лузе

З гулкіх срэбных труб

Трубілі журавы,

Калі іграў, спяваў пад’ём

Наш Пецька Канцавы.

А сёння ціхі,

Як чужы

Для смолак,

Для бяроз,

Ляжаў ён —

Быццам піў з лістка

Халодны блёскат рос,

Ляжаў,

Сціскаючы свой горн —

Параненую медзь...

І нават бор

На гэткі жаль

Без слёз

Не мог глядзець...

 

 

*

Даўно было,—

А ўвесь той час

Усё яшчэ ў вачах...

Яшчэ, здаецца,

І пясок —

Жвір жоўты —

Не зачах...

Вось тут,

Дзе купкамі бяроз

Шуміць цяпер дзірван,

Мы пад магілаю сяброў

Насыпалі курган.

Не раз грымелі

Перуны

Над роднай стараной,

Не раз прайшлі

Плугі вайны

Па засені лясной,

Зраўняла з доламі

Курган,

Цвіце ў траве

Чабор...

Ну што ж, няхай цвіце,

Няхай

Шуміць тут юны бор,

Хай не магілай,

Хай жыццём

Бор славіцца стары,

Бо то ж — усё,

Чым так былі

Шчаслівыя сябры,

Бо то ж — усё,

Дзеля чаго

Яны хацелі жыць,

Што так любілі

І чаму

Жадалі век служыць...

Мы пахавалі іх,

Як полк

Пад громам і пальбой

Хавае воінаў,

Якіх

Забраў няроўны бой.

Суровы, мужны

Быў наш строй,

Але па ўсёй зямлі,

Напэўна, слухаў

Клятву свет,

Што мы сябрам далі.

Мы пакляліся

Ўсе і скрозь,

Пакуль пульсуе кроў,

Ісці

Дарогай грозных дзён —

Дарогай змагароў,

Ісці і ўсё перамагчы:

І жах, і нават смерць,

Імя высокае

Праз век

Пранесці —

Піянер,

Ісці, і шырыць, і ўслаўляць

Свой піянерскі строй.

— Ты вер нам, край,

З табой,

З табой

Мы ўсе —

Любой парой!..

І ўзяў важаты

Пецькаў горн —

І абудзіўся

Бор.

І ўзвіўся ў далі

Кліч жыцця —

Праз ростані і час...

І не пытайцеся,

Чаму

Я сёння

сярод вас,

Чаму

Ніколі не магу

Без вашых жыць

турбот,

Без піянерскіх

Добрых спраў,

І смуткаў, і нягод,

Без вашых радасцей,

Прыгод

І шчырай мітусні,

Без вашай веры,

Вашых мар

Пра заўтрашнія дні!..

 

 

*

Так, не пытайце,

Дружбакі,

Мой юны, слаўны люд,

Чаму

Ваш сонечны салют

Заўжды —

І мой салют,

Чаму я

Гальштук бачу свой

На кожным,

кожным з вас

Чаму гатоў,

На бой гатоў

Я быў за вас

не раз...

Я клятву даў,

Я бачыў кроў,

Я насыпаў курган,

І за сябе,

і за сяброў

Адданасць зберагаў,

Я клятву даў

І з ёй між вас

І ў шчасце і ў бяду

За родны край,

За родны свет

Іду,

штодзень іду.

І толькі ўчую сёння

горн,

Што сярод вас пяе,—

Заўжды гадаю:

Можа, зноў

То Канцавы ўстае? —

Хоць шмат прайшоў

Жыцця сцяжын,

Шмат бачыў

Розных дзіў

І кліч трывожны,

баявы

Не раз

Мяне будзіў,—

А ўсё ж і сёння,

ўсякі міг

Дзе б што я ні рабіў,

Адчую:

Пецька не памёр,

Ён тут —

Заўжды тут быў!

І я лячу,

Спяшаю к вам,

Пакуль пульсуе кроў,

У юны строй,

У любы строй,

У шэраг змагароў,

І веру, веру:

З вамі я

Усё знайду, змагу!

Бо маем мы

Адну любоў,

Адну

Нясём тугу...

 

 

*

Гарыць касцёр.

Шуміць агонь,

Імкнецца ўвысь, да зор.

— Што ж ты прыціх,

Мой мудры сход,

Мой піянерскі збор?!

Пра што зажаліўся,

Скажы,

Віхрасты мой сусед?

Не трэба, хлопча,

З жальбай браць

Бацькоўскі запавет!

Устаньце, хлопцы,

Ў круг хутчэй,

Дзяўчынак клічце ў круг

Сагрэйце сэрцам

Поціск рук,

Сяброўскі поціск рук.

Не трэба сёння

Сумаваць

Па тых,

Што ў жвіры спяць,

Не трэба

Памяці

Кайма,

Услаўце сонцам іх,

Услаўце

Радасцю сваёй,

Як славіце жывых.

Хай урачыстай песняй

Хор

Ім вечны шле

Паклон.

А вы —

А вас жыцця прастор

Гукае

Гулам дзён.

Трубі званчэй паход,

Гарніст,

Кінь заклік агнявы!

Твой гучны горн

Трымаў калісь

Сам Пецька Канцавы.

Сам Пецька

Сённяшні наш сход

З далёкіх год вітаў.

Трубі ж, гарніст,

Трубі смялей,

Як Пецька загадаў!..

Гарыць касцёр.

Каб ён мацнеў,

Падкінем, хлопцы, дроў.

Глядзіце —

Іскры

ўзносяць спеў

Вышэй усіх вятроў.

Глядзіце:

У іскрах — ноч і бор,

Шляхі і люстры рэк...

Гарыць!

І будзе наш касцёр

Ярчэйшым

З веку ў век!

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан