epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ураніла лісток бярозка..."

Ураніла лісток бярозка,

Засаромелася, затрымцела.

Крый бог,

пойдзе гуляць пагалоска,

Што нездарма пажаўцела.

 

Крый бог, пойдзе лясная плётка

Ды пра ўсё, што душы так люба:

Каб лісток яе

сцежкай кароткай

Дакаціўся да польнага дуба.

 

Каб сказаў там,—

хай знае асілак,—

Пра яе парыванні і мары —

Як ёй хочацца побач быць з мілым,

Як ёй страшна,

калі грымяць над ім хмары...

 

Ураніла лісток на світанні

І трапеча бярозка, шапоча...

І не ведае,

што дуб —

з прызнаннем

Ліст таксама паслаць ёй хоча.

Хоча паслаць ліст —

і пякучасці ў сівера просіць,

Ды не можа таго дачакацца.

І шуміць дуб гнеўна:

разгайдай мяне, восень,

Разгайдай,

каб мог ліст адарвацца!..

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан