epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Усходы

Праклюнуліся і глядзяць на свет

Праз сузор’е маёвых расін.

І глядзяць на свет, бы на светлы страх.

Ну якраз як маленькі наш сын.

 

І як бы выбіраюць: а што ж рабіць

Пад сузор’ем маёвых расін —

Ці трымацца зямлі, ці да сонца расці?..

Ну якраз як маленькі наш сын!

 

Мы, што зерні тут сеялі,— мы з табой

Гэтых парасткаў ведаем лёс:

Хутка ўстануць яны

Сцяной збажыны

Між зямлёй і блакітам нябёс.

 

І такою ім сілай валодаць калісь,

І такой прыгажосцю ім ззяць,

Што — я веру — ўсе людзі па ўсёй зямлі

З цёплай ласкай на нас паглядзяць!..

 

А пакуль — ну, што за кволы ў іх стан! —

Ну, няйначай — на рукі вазьмі.

Ну, няйначай — пад свежым ветрам вясны

Захіні іх сваімі грудзьмі.

 

Праклюнуліся і трымцяць, трымцяць...

І не знаюць, што ў ходзе часін

Іх чакае вялікі і светлы лёс...

 

Ну якраз як маленькі наш сын!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан