epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Услед за песняй

«А я ў полі жыта.

У полі

Жыта

Жала...» —

 

Песня, жаночая, светлая,

Жыта крылом расхінае,

Крочыць

Па жыце;

З палеткаў

Жніўныя скарбы збірае.

 

А поле жытнёвае —

Вачмі не акінуць,

А жыта ліпнёвае —

Сцябло — чараціна.

 

Буйнае, рослае з коласам важкім,

Нават і песні змагчы яго цяжка.

 

А ўсё ж не спыняецца песня, мацнее,

Імкне ўсё далей, і за ёю

Спяшаюцца з ранку да вечара жнеі

Вясёлай сям’ёю.

 

Спіна — як нямая;

І млосці — не ўтоіш.

Але ж радасць якая!

Жыта ж якое!

Калі па-над ім і пральецца твой пот,

Дык хто пашкадуе,— бо гэтакі ўрод!

Ўвіхаюцца з ранку да вечара жнеі,

Дужэе жаноцкая песня, мацнее

І вось ужо вырвалася на прастору,

Ляціць па-над шляхам, над лугам,

над борам

І шчыра і проста расказвае свету

Пра ўвішную працу, пра яснае лета:

— А я ў полі жыта,

У полі

Жыта

Жала...

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан