epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Усмешка

Успомні ростані, нягоды —

Жыццё наяве, а не ў сне...

У шлях нялёгкі мой

Заўсёды

Сваю ты слала ўсмешку мне.

 

Адну, адну ўсяго усмешку!

Але якім я дужым быў

На ўсіх на тых

Суровых сцежках,

Прайшоў якімі не любы!

 

Я верыў так, як можна верыць

На гэтым свеце толькі раз,

Што зноў сустрэча

поўнай мерай

Сваім святлом абдорыць нас,—

 

І ні агонь, ні бураў хвалі,

Ні нават смерць сама — нідзе

З тваёй усмешкай не стрымалі

Мяне ў гадоў маіх хадзе...

 

Цяпер ты больш руплівай стала,

Больш клапатліваю,—

заўжды

Даеш мне ў шлях парад нямала,

Хлеб, соль кладзеш: — Не знай бяды...

 

А мне чамусьці з гэтай ласкай,

Хоць і ісці куды бліжэй,

Як з нейкай мулячай завязкай,

Усё цяжэй, усё цяжэй.

 

Ні хлеб, ні сэнс парад руплівых —

Нішто душы не закране.

Прашу! — каб быць ізноў шчаслівым

Вярні былую ўсмешку мне!

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан