epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Уступ

Калі праз нейкіх два дзесяткі год

Ужо вясёлым дужым юнаком

Ты прачытаеш гэтыя радкі

І прыгадаеш дзень пасля вайны,

Калі ты ўбачыў свет, а я, салдат,

Прыйшоў з чужыны да радзімых хат,

Ты зразумееш — подых той вясны

Чаму мяне натхніў на спеў такі,

Хоць сум гадоў і вызнаў я пайстком

Яшчэ да ўскрыку першага твайго.

Я знаў, як маці сохне над труной,

Ў якой ляжыць адзінае дзіцё,

Як пояць ветры цёплыя вясной

Лагодай ліўня першае лісцё;

Як чалавеку цяжка увайсці

У родны дом пасля выгнання дзён,

І ўсе дарогі радасці, і ўцех,

І навальніц, і смутку, і прыгод

Вядомы мне ужо тады былі;

Я мог па памяці па ўсёй зямлі

Прайсці праз горы, пушчы і праз лёд,

Без слова нават, без ніякіх вех,

Ці ў яву выліць самы дзіўны сон

І стаць вясновым рэхам у трысці.

Мне быў знаёмы грозных бітваў гром,

Жалезны град, свінцовая імжа,

Я сам ляжаў і кроў глытаў ля стром,

Дзе пад зямлёй сябры мае ляжаць;

Я знаў, што нельга матак суцяшаць,

Калі яны галосяць па сынах,

І грэх і крыўда сіратам маніць,

Што быццам прыйдуць іх бацькі дамоў

З тых сцежак, дзе ляглі касцьмі даўно,

Бо ўжо спрадвеку так было яно:

Ішла вайна ў наш край з чужых шляхоў,

Адтуль, дзе Эльба цёмная шуміць,

І ад тугі марнела не адна

Прыгожая і шчырая душа.

На караню выгарвалі жыты,

Што з любасцю вырошчваў чалавек,

Па старане лятункаў залатых

Брыла нядоля стогнамі калек,

І плакалі над Нёмнам, як цяпер,

Жанкі і пракліналі чужаніц,

І сын за бацькам уставаў на бой,

Як мы цяпер, у рукі зброю браў

Ды йшоў айчыне праўдай паслужыць,

Бо чуў ён сэрцам, што не зможа жыць

Без соснаў гэтых і без гэтых траў,

Што над яго шумелі галавой

Шчэ над калыскай, ды без тых крыніц,

Дзе ён ірваў на пішчаўкі аер.

А потым — на зямлі, якую ён

Ад чужаніц крывёю адстаяў,

Ягоны сын сніў цяжкіх шабляў звон

І хоць тужыў, а край свой аздабляў.

Ён не хацеў у свеце нічыйго,

Ён апіраўся на руку братоў,

Што ад яго жылі наўсцяж — на ўсход,

Каваў у кузні вострыя сярпы

Ды для палоскі гартаваў нарог.

Але праз час ізноў

з чужых дарог

Ляцела бура на яго слупы,

І ён, як бацька, рушыў у паход.

І так усё жыццё

сярод быцця і сноў

Было выпрабаваннем для яго.

Я гэта знаў яшчэ тады, мой сын,

Калі мо толькі сніў цябе, але,

Як спелыя на ніве каласы

Да часу зерні берагуць свае,

Я нёс пачуцці ў сэрцы.

Можа, ў сне

Я толькі й мог іх выказаць услых.

Яны былі крыніцай, ціхі плёск

Якой ужо быў чуцен, а сказаць,

Калі з яе нап’юся,— я не мог.

І толькі ў дзень,

калі пасля трывог

Я ўзяў цябе на рукі патрымаць,

Калі адчуў адказнасць за твой лёс,

За свет лятункаў будучых тваіх,—

Прыйшлі жывыя словы да мяне.

Як быццам

бліскавіца ў гэты міг

Прастору асвяціла прада мной,

І ўсё, што я нягодаю спасціг,

Прачнулася, бы песня пад струной.

Я зразумеў, што абавязак мой

Не толькі даць табе цяпло і мір,

А й нагадаць, каб ты

пасля мяне

Заўсёды помніў, што на свеце дзесь

Ёсць людзі, што куюць сярпы вайны.

Праз лёс і славу роднай стараны

Ты ўбачыш сэнс жыцця свайго увесь,

Ты станеш братам песні і вясне

І шчасце возьмеш, калі краю шыр

З юнацтва зробіш

крэпасцю сваёй.

Твой род заўсёды йшоў супроць вятроў.

Не бойся ж буры!

А каб пачынаць

Табе лягчэй было,—

сярод бароў

Я сам збудую для цябе палац.

Я сам на поле выйду і вясной

Усе жаданні шчырыя свае

Пасею перад ранішнім дажджом,

Хай разальюцца

нівай залатой,

Няхай народзяць песню пра красу,

Якую ў новы свет гады нясуць,

Каб ты яе

пад ласкавай зарой

Спяваў, і рос шчаслівым юнаком,

І радаваўся: край твой устае,

Як ты,— асілкам з вогненнай душой.

А покуль шчэ

высокім быльнягом

Шляхі вайны не зараслі, пакуль

Вятры яшчэ ўрываюцца ў наш дом,

Пасечаны ў баях мільёнам куль,—

Я над тваёй калыскаю спяю,

Як паміраў адважны чалавек,

Як ён шукаў свой

пераможны шлях,

Пра той агонь, што колісь Праметэй

Для нас, нашчадкаў, вырваў у багоў,

І пра жалобу, што сярод снягоў

Нас падымала ў бойку, каб хутчэй

Радзімы сонца на яе палях

Дало зярнятам рост,

а ты павек

Краіну працай славіў бы сваю.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан