epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вахш

Вахш1

 

Збіраючы сотні рачулак з гор,

Струменяў, што родзяцца на ледніках,

Кіпіць у цяснінах, ляціць на прастор

Бурлівы, няўрымслівы Вахш.

 

І долы забыліся аб цішыні,

І думка ніколі над ім не засне.

Грымяць і варочаюцца камяні,

Як цяжкія жорны, глыбока на дне.

 

Ляціць, бы крыляе, і бача Вахш:

Сыходзяцца людзі — мо цэлы мільён.

І гаці гацяць на яго берагах,

Спыняюць імклівы вады разгон.

 

Ад злосці загуў, завірыўся дзікун

І грозна падняў, ашчацініў свой хіб:

— Дарогу, бо хвалямі ўсіх пасяку

І кіну на дно, да карэнняў і рыб!

 

Ды чуе ў адказ мільён галасоў:

— Людзей не адолееш ты ў барацьбе.

Мы хочам сказаць табе некалькі слоў,

Паклікаць, як сябра, на подзвіг цябе.

 

Але нат не слухае грозны Вахш,

Пускае ў абход рукавы-ручаі.

— Я мушу спяшацца, ляжыць мой шлях

Да маці маёй, да Аму-Дар’і.

 

— Мы пусцім цябе да маці тваёй,

І часу ў цябе, маладога, стае,

Але адкажы нам, што скажаш ты ёй,

Чым зможаш ты ўзрадаваць сэрца яе?

 

— Я раскажу ёй пра буры ў снягах,

Пра скалы, што я на шляху паламаў,

Пра ніву, што бачыў у жоўтых пясках,

Якая не родзіць ні хлеба, ні траў.

 

Пра тое, як б’ецца ціхі джайран

У хвалі маёй, ідучы на дно.

Пра тамерланаўскі белы цюрбан,

Што пад каменнямі стлеў даўно...

 

— Дзівак ты! Мы ведаем маці тваю,

Чакае другіх ад цябе яна спраў,

Бо краю ўсю буйную сілу сваю

Даўно аддала, каб ён расцвітаў.

 

Садамі бялее над ёй вясна,

А рыс там падняўся — ці хто калі сніў!

І ў кожнага сына пытае яна,

Што добрага ён для людзей зрабіў.

 

Нібы калыхнуўся мільён галоў,

І людзі сказалі: — Ты бачыш груды?

Вякамі нічога на іх не было,

Пад спёкай марнее зямля без вады.

 

А мы яе зробім цудоўнай, калі

Напоім удосталь і пройдзе тут плуг.

Пшаніцамі закаласяцца палі,

І дасць нам бавоўна цёплы свой пух...

 

Задумаўся Вахш. Бліснуў, як луской,

У хвалях пад сонцам і сцішыў разгон.

І, пэўна, счарованы марай людской,

Пакорліва лёг пад рукамі ў бетон.

 

Мінулі гады. Там, дзе пустка была,

Дзе гойсалі толькі самумы-вятры,

Дарогі ляглі ад сяла да сяла,

Даспеў вінаград, падняліся муры.

 

Над Вахшам шумяць маладыя гаі.

І ён ужо ў новай багатай красе

Бяжыць праз палі да Амур-Дар’і

І сказ ёй пра подзвіг людзей нясе.

 

— Матуля! — крычыць ён яшчэ здаля.—

Я людзям памог узрасціць сады,

Там песні звіняць, зелянее зямля

І фабрык над краем віецца дым.

 

І матка ўсміхаецца ветла яму

І шчыра да цёплага сэрца хіне,

І вольна на зайздрасць свету ўсяму

Плывуць яны ўдаль па сваёй старане.

1947—1948

1 Вахш — (літаральна — дзікун) — рака на поўдні Таджыкістана.


1948?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан