epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вальфрам

Дзе сонца ўсход, дзе акіян сінее,

Ёсць мірны край, маленькі край — Карэя.

Маленькі край, але багаццяў поўны,

Маленькі край, але такі чароўны...

Аж дух у Гары Трумэна займае,—

Так хоча панаваць у гэтым краі.

 

*

Узросшы ў уол-стрытаўскіх пакоях,

Даўно ўжо трызніць гэты кат вайною.

Даўно ліхвяр з ліслівым хцівым тварам

Прывык шукаць для новых войн ахвяры.

Стаптаўшы светлы гонар чалавека,

Ён золата рабіў з нядолі грэкаў;

З арабскай роспачы, з іранскіх слёзаў

Выкачваў нафту ён для бамбавозаў.

І вось і сёння ён, ліхвяр крывавы,

Паслаў наймітаў на шляхі няславы,

Каб свет зглушыць агнём і дынамітам,

Паслаць знішчэнне нівам і барам,—

Сягоння хіжай хеўры Уол-стрыта

Метал патрэбен з назваю вальфрам.

 

*

Вальфрам, вальфрам!

Ты робіш сталь нязломнай.

Вальфрам! Ты робіш вострым нож і штых!

І вось чаму ты, Джо, як воўк бяздомны,

У свет пайшоў ад родзічаў сваіх.

Ты бачыш кроў і карэянак слёзы,

Пажары, што пасеяў ты, салдат.

Скажы нам — што было табе пагрозай

Далёка там, ля калумбійскіх хат?

 

*

Але не чуе Джо. Ля чорнай ямы,

Што вырыў уол-стрытаўскі снарад,

Магчыма, каля самага вальфрама

Вось ён ляжыць, зняслаўлены салдат.

А па-над ім, увесь у жорсткіх ранах,

Ад спаленай Улсані да Пхеньяна,

Караючы, нясхільны і суровы,

Стаіць народ, мір адстаяць гатовы.

І сонца ўсходзіць, і прастор сінее,

І ўсё стаіць няскоранай Карэя.

І чуе Трумэн: грозна паміж скал

Грыміць якісь няведамы метал.

 

*

Грыміць метал мацней, чым навальніца,

Што аж чарнеюць сэрцы ў чужаніцаў.

Грыміць метал так, што між двух палат

У Белым доме зелянее кат.

Так, пралічыўся ён. Не думаў ён ніколі,

Што ёсць метал жыцця, метал красы і волі.

Што ёсць метал, які завецца гневам.

Метал, які жыццём у сэрцах б’ецца.

Што для сяброў звініць вясновым спевам,

А для забойцы бурай узнясецца.

 

*

Дзе сонца ўсход, дзе акіян сінее,

Ёсць мірны край, маленькая Карэя.

Народы з ёй любоў і гнеў з’ядналі,

Надзеі міру ў кліч магутны зліты.

І ён гучыць прысудам з мірнай далі

Падпальшчыкам вайны і іх наймітам.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан