epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вальс

Была вясна, і квецень,

І смех, і плёскат хваль.

І аж на ўсёй планеце

Я чуў мажорны вальс.

 

Каханыя, за рукі

Пабраўшыся, брылі.

І стройна

вальса гукі

У душах іх плылі.

 

Матулі над калыскамі

Ўсміхаліся малым.

І гукі вальса блізкім

Рабілі шчасце ім.

 

Ці людзі хаты крылі,

Ці ткалі паясы,—

Ляцела ўсцяж на крыллях

Мелодыя красы.

 

І раптам — быццам нехта

Паклаў замок замоў,—

Я чую: над планетай

Вясёлы вальс замоўк.

 

Няветлівая, хмурная

У бляску цуда-дня,

Нібыта перад бураю,

Настала цішыня...

 

Ах, людзі, пакуль жыць мне

Прашу,

прашу я вас,

Чаму ён сціх, скажыце,

Ваш незабыўны вальс?

 

Ці вы раптоўна ўспомнілі

Над светам чорны грыб?

Ці гвалт эрзац-наёмнікаў

Пачулі ля сяліб?

 

Ці крыўду нехта ў вочы

Вам кінуў з прагай слёз?

Ці нехта напрарочыў

Гаротны ўсім вам лёс?

 

Ах, людзі, людзі, верце,

Вас гора не кране!

Ёсць сіла супраць смерці —

Са мной яна, ў мяне.

 

Я кіну нават любую

Паэзію маю,

Каб зберагчы ад згубы

Вам радасці ў баю.

 

Я кроў, пакуль барвяніцца,

Аддам за родных вас,

За сонечныя раніцы,

За ваш сусветны вальс!

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан