epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Вам, юным, скажам без ухмылкі..."

Вам, юным, скажам без ухмылкі

І не ударым па плячу.

Свае сумлівыя памылкі

На вас узвальваць не хачу.

 

Хачу, каб вы і красавалі

І даспявалі без кіўкоў.

Вы прад багамі не спявалі,

Дык не спявайце на бажкоў.

 

Жывіце мудра і шырока.

І добра памятайце век:

Што калі лётаць — дык высока

Заўсёды прагнуў чалавек.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан