epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Вандроўніка не будзі..."

Вандроўніка не будзі. Няхай спачывае,

Паклаўшы галаву на далонь.

Ён сам праз сон заўжды адчувае,

Калі патухае агонь.

 

І ні сон яму ніякі не сніцца

Пра імжу ці пра буру ў лясах.

А чуе вандроўнік,

як на расніцы

Ападае світання раса.

 

Дарожнае непаўторнае дзіва.

Ён раптам услухаецца ў цішыню.

І ўсё зразумее,

і праз міг рупліва

Увіхаецца, ўзрушаны, каля агню.

 

Вось так і ў мяне, і ў цябе, дарагая.

Не кажы мне,

калі разлюбіш мяне.

Колкая песня тады зашугае

І сэрца няшчадна маё краяне.

 

І я ўстану, як вандроўнік, трывожна

Агонь пачуцця ратаваць ад бяды.

Любая! Прашу цябе: калі можна —

Не перашкаджай мне тады.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан