epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Васількі

Калі мы толькі ў жыццё ўступалі,

Былі яшчэ юнакі,—

Дзяўчаты кашулі нам вышывалі

У сінія васількі.

 

І зараз успомню: як высыпле вёска

У поле пад звон сярпоў,

Дык аж цямнелі

шнурыны-палоскі,

Сінія ад васількоў.

 

Вось і дажынкі. Якім небагатым,

Лета, ты едзеш у двор.

І тужылі

і не глядзелі дзяўчаты

На свой вышыванняў узор...

 

Тыя ўзоры юнацтва даўно пабялелі,

Не сумуйце па іх, сябры.

Мы сінія камбінезоны адзелі

І селі на трактары.

 

Пракацілася рэха іх сугалосся

Па палявой шырыні.

Не васількамі, а буйным калоссем,

Лета, нам сэрцы крані.

 

Новыя дай вышыванняў узоры

Для працавітых дзяўчат.

Вось яно, наша хлебнае мора,

Коціцца за далягляд!

 

І ў гэтым багатым разліве шумным

Спалоханы зірк васількоў

Здаецца нейкім прывідам сумным

З нейкіх далёкіх вякоў.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан