epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вянок

Пахне жывіцай

Ранняя раніца.

Луг над крыніцай

Плача, туманіцца.

 

Босай сцяжынкай

Бегчы так золка.

Толькі дзяўчынка —

Быццам вясёлка.

 

Ззяннем празрыстым

Свеціцца, радая.

Раніцу чыстую

Песенькай радуе.

 

Сёння з граніцы,

З дальняга краю,

Ў госці к дзяўчынцы

Брат прыязджае.

 

Многа ён з боем

Вызваліў вёсен.

Многім з сабою

Шчасце прыносіў.

 

Многа лагоды

Меў да сястрыцы...

Люба заўсёды

Ім ганарыцца!..

 

Сцежкі, хоць росныя,

Ды — неўзаметкі.

Колькі вас, розныя

Родныя кветкі!

 

Смолка. Званочак.

І слёзка. І мята.

Будзе вяночак

Цудоўны для брата!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан