epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Вянок любімай Беларусі..."

Вянок любімай Беларусі —

З праменняў весніх і зарніц,

З надзей, якіх маўчаць не змусяць,

З пачуццяў, што не ўпадуць ніц.

 

Вянок з гадоў, з напеваў наскіх,

З крыві маёй і чыстых слёз,—

Усё жыццё,

як віцязь з казкі,

Я праз вятры і буры нёс.

 

Стаю, схіляюся ўлюбёна,

Гляджу адданымі вачмі...

Мой сын, вянок жыцця зялёны —

То сэрца спадчына... Вазьмі.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан