epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вяртанне

Пакуль над дарогаю

Сполах

Крылатых зарніц не пагас,

Мы не маглі заснуць

Пад полагам летняе ночы:

Столькі гукаў наўкола

Жыло, зачароўвала нас,

Што, здавалася,

Кветкай купальскай

Вось-вось зацвітуць нашы вочы.

 

Дома...

Колькі год мы ўжо тут

не былі...

Пасля грозных баёў,

Пасля слынных, суровых паходаў

Як жа радасна чуць

Голас велічна-шчодрай зямлі,

Дзе так шчыра, так лёгка

Красуе ў прыволлі прырода.

 

Дзесь ускрыкам бабёр

Каля хаты склікае дзяцей.

Птушка

Села спачыць

На аціхлую нашу гармату.

Водар густа ідзе ад палёў —

Грэчка цвіце!

А плёскат крыніц

наплывае

Жывым перакатам...

 

У хвілі ж, калі заціхаў

Вялікі і радасны свет,

Мы чулі,

Як падалі росы

На цёплыя пожні і ўзгоркі.

І як у азёры і рэкі,

Пракрэсліўшы светлы след,

Ляцелі,

Вітаючы наша вяртанне,

Вандроўныя зоркі.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан