epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вяселле

Як ударыў бубен гулка —

Змоўкла, сціхла наша вулка.

 

А як толькі сціхла вулка —

Зноў ударыў бубен гулка,

Звонка выгукнуў гармонік,

Заіржалі ў цуглях коні,

Сотні ног затупацелі,

Песні вулкай паляцелі,

І бягом да клуба людзі:

— Гэй, сяло, вяселле будзе!

 

У калгасным клубе новым —

Жаніха, нявесту ў круг:

Ну-тка, Люба Васількова,

Ну-тка, Пеця Карнавух,

Абніміцеся, прайдзіцеся,

Ды паволі, пакрысе

Прад людзямі пакажыцеся,

Хай пабачаць вас усе,

Хай пабачаць, прывітаюць,

Каб вы помнілі штодня,

Каб прыгадвалі, якая

Ў вас вялікая радня;

Для такой радні

Трэба пастарацца:

Сердаваць — ні-ні!

Толькі мілавацца,

Ды гадоў не ўпусціць,

Ды дзяцей узрасціць,

Ды любіць і любіць,

Ды шчаслівымі быць!..

 

Людзі ў крузе шумным, цесным

Маладых вядуць вачмі.

А жаніх каля нявесты

Б’е паклоны прад людзьмі.

І направа паклон,

І налева паклон.

— Малайчына, Карнавух!..

— Трактарыст, трымай фасон!..

— Хлопец добры, што й казаць...

— Дый нявеста на пяць!..

— Піяністка сама...

— Лепшай тут у нас няма...

— І прыгожая якая...

— А пагляньце — як ступае...

— Гэта будзе вартай мужа...

— Муж з такою не затужа...

— Малайчына, Карнавух!..

 

Так людскі гамоніць круг,

Так пачціва прамаўляе,

Так на вернасць бласлаўляе,

Як сваіх дзяцей,

Маладых людзей!..

 

Раптам нехта крыкнуў:

— Слава!

— Слава, слава маладым!

— Слава! — сыплюць кветкі справа.

— Слава! — злева кветак дым.

Маладым па кветках чыстых,

Па іскрыстых, па агністых

Неяк боязна ісці.

А над імі галасіста:

— Слава вам ва ўсім жыцці!

— Хай вам годы неўзаметкі!

— Хай, як кветкі, вам сям’я!..

Кветкі, кветкі... Кветкі, кветкі...

Кветкі кідаю і я.

Я крычу з другімі: — Слава!

І, напэўна, ўпершыню

Адчуваю тое права

На вялікую радню,

Для якой — ні-ні! —

Клятва непарушная!

Кліча ў ясныя дні

Толькі згода слушная,

Кліча к добраму прытулку,

Дзе так добра дружыцца...

 

Зноў ударыў бубен гулка —

Уся вёска кружыцца!

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан