epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вясёлка

Ад ліўня вострага

аж колка

Было,—

не ступіш басанож...

Ды раптам яркая вясёлка

Так цёпла

Ўспыхнула

Паўз Сож...

 

І лівень стаў цішэць.

Зарніца

Стрымала тупат перуноў.

Хоць з хмар не перастала ліцца,

Ды неба ўжо яснела зноў.

 

Ля сцежак вабна пахла квецень.

Дужэлі ногі на бягу.

І пад вясёлку мчалі дзеці —

Як пад вясёлую дугу.

 

І нехта ім крычаў:

— Бяжыце,

Там сонца вунь, там лівень сціх!..

І васількі званілі ў жыце

Званамі сінімі для іх...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан