epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Вясёлыя людзі..."

Вясёлыя людзі

Вясёлай увагай

Усцешылі

Светлы лясок.

Хто з чым:

Хто з вядзерцам,

Хто проста з біклагай,—

Прыйшлі

Па бярозавы сок...

 

Пад смех ды пад жарты

Па белых ствалінах

Ударыла

Вострая сталь.

І жалем азваліся

Слёзы глыбіняў...

Ды хто мог пачуць

Гэты жаль...

 

Спявалі пра сонца...

Пра вёснаў паводкі...

Спяшалі

Вядзерцы наліць...

Пілі,

Захапляліся

Сокам салодкім...

Не зналі,

Што й дрэвам баліць...

 

Але надышло:

Сціхнуў голас завозны...

Сок выбралі ўвесь...

Ні душы...

І глянь —

Як залізваюць

Раны бярозам

З цярплівай тугой

Мурашы...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан