epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вясна-красна

Плячысты дуб,

І рослы клён,

І стройная сасна

Шумяць-пяюць,

Што зноў прыйшла

Да нас

Вясна-красна.

 

Шумяць-пяюць:

— Вясна-красна,

Ты — сонца, ты — жыццё,

Паклон табе

За ясны дзень,

За новае лісцё!

 

— Паклон, паклон

Вясне-красне! —

Пяюць на ўсе лады

Жыты на полі,

І рака,

І пожні, і сады.

 

І спеў іх

Слухае вясна —

Зямлі адданы друг —

І, шчодрая,

Нясе красу

Усім, усім наўкруг:

 

Сядзібам — квецень,

Рэкам — сінь,

Палям — зялёны ўбор.

А нам,

А сэрцам маладым —

Шляхі ў бязмеж-прастор.

 

Куды ні пойдзем —

Знойдзем мы

Жыцця цудоўны скарб:

Для песень — музыку,

Для спраў —

Святло

Вялікіх мар,

 

Для дружбы —

Шчырасць і цяпло,

І радасць не адну...

Ідзём жа

Песняй сустракаць

І мы

Вясну-красну.

 

— Вясна-красна,

Вясна-красна,

Паклон табе, прывет!

Прыйшла ты ў наш

Любімы край,

Хай нам

Зайздросціць свет!

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан