epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вясновы гімн

У два званочкі ценькнулі

Пеначкі ў кустах:

— Услаўце, ўслаўце дзень свой,

Што кветкамі прапах.

 

Сінічкі аж зайшліся:

— Мы згодны! Мы ўзраслі —

Пад сонечнымі высямі

На любай нам зямлі.

 

А дзяцел, бы з пячаткаю

Сеў сакратар на сук:

— Так-так! Усё ў парадку! —

Выстукваў: — Тук-тук-тук...

 

І так, што аж пад росамі

Прыўзняўся кожны ліст,

Гучаў з радоў бярозавых

Івалгавы свіст.

 

І кнігаўкі галёкалі:

Кі-гі! Ура! Кі-гі!..—

Так дзень узнёсла, лёгка

Спяваў вясновы гімн.

 

І столькі нёс ён сілы,

Што ў гушчары каршук

Стаіўся, склаўшы крылы,

І сох, бы чорны крук.

 

Ён знаў: няма дарогі

Яму з крылом ліхім,

Дзе смела, без трывогі

Жыццё пяе свой гімн!

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан