epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вясновы марш

На маёвым дасвецці,

Ледзь толькі лістотай клейкаю

Зашавеліць

Раніцы пястун-вецярок,—

Неадольная сіла

Мяне падымае нейкая,

І наперад кліча,

І скіроўвае зрок

і крок.

 

Я і так ніколі

Не жадаў ад жыцця адасобіцца.

А сягоння

З вітаннем

Да кожнага іду акна.

Дык што ж гэта робіцца?

Што ж гэта з намі робіцца?

І чую ўрачысты голас.

— Гэта ўладарыць вясна!

 

Вясна!

Губы ніхто не падсалоджвае,

А яны — мядовыя.

Сэрцу ніхто не падказвае,

А яно — пяе.

Вочы ніхто не падсіньвае,

А яны — васільковыя.

Думам ніхто не загадвае,

А думы на маршы мае.

 

Іду, ўсхваляваны,

Да людзей скіраваны

крокі мае.

Праз вясну

Адрасую

Усю сваю веру сябрам:

Што бясконца

У сонцы

Будуць аблокі высокія,

Што ніколі

Злосным

Над намі не веяць вятрам.

 

Вось і дзень ужо новы

Маёвы

На ўсходзе праменіцца.

І вось у калонах

Мільённых

Ідзём у святочны марш.

І хто нас ні ўбача,

І хто ні сустрэнецца,

Адчувае

І сэнс нашай явы,

І сэнс нашых велічных мар!

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан