epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вечар у Гісарах

Спачатку нам свой шчыры спеў

Няслі вятры на перавалах,

А восень са стагодніх дрэў

Званы лісцвяныя скідала.

 

У высачэзных трысніках

Крычаў прыветна птах да змогі.

І срэбра

бурная рака

З вышыняў сыпала пад ногі

 

Ды рассцілала з хваль дыван.

А потым,

як жывую мару,

Нам паказаў Таджыкістан

Свой дзіўны вечар у Гісарах.

 

Ён цвету ружаў веснавых

Празрыстай тонкай павуцінай,

Як чараўнік, у нейкі міг

Акрыў вяршыні і даліны.

 

Затым са спрытам мастака

У веснавы малюнак гэты

Адным узмахам

уваткаў

Ніць фіялетавага цвету.

 

І не чакаючы, калі

Ускрыкнем мы ад захаплення,

Раптоўна аж на ўсёй зямлі

Паклаў сталёвыя адценні.

 

Пасля, як быццам незнарок,

Усё змяшаў

і прад вачыма

Стаў разліваць дрыготкі змрок,

Ахутваць даль блакітным дымам.

 

А каб з вачэй зусім не знік

Адбітак ружаў каляровы,

Ён запаліў

высокі пік

Па-над зямлёй агнём барвовым,

 

І бляск у высі зіхацеў,

А ўнізе горы ў сінь танулі.

З такой тканіны я б хацеў

Пашыць святочную кашулю!

 

І вось тады,

як пад дутор1

Плыве таджычка ў вольным танцы,

Мільгнуў, паплыў па схілах гор

Мільён агнёў электрастанцый.

 

І нам здалося: гэта ўзнёс

На горы Крэмль свае рубіны,

Каб азараць шляхі і лёс

Цудоўнай брацкае краіны.

1947

1 Дутор — музычны інструмент.


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан