epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вечная слава героям!

І ў радасці з імі раслі мы,

І разам ішлі на бой з імі,

Найлепшымі сынамі Радзімы,

Паўшымі героямі.

 

У бітвах, у дыме пажараў

Адны ў нас раджаліся мары.

 

І вось чаму мы ўзаралі

Палі, дзе яны паміралі,

І зерне засеялі дбала,

Каб ніва закрасавала,

Жыта ўзрасло залатое,—

Вечная памяць героям!

 

Хацелася ім краіну

Багатай бачыць, прыгожай.

І вось чаму па руінах

Спакойна хадзіць мы не можам.

 

Бетоншчыкі, вучні, цеслі

Пад неба палац узнеслі,

Жыццё ў ім цвіце маладое,—

Вечная слава героям!

 

Як трэба салдатам, строга

Мы споўнім наказ іх трэці —

На сонечную дарогу

Магутнымі выйдуць іх дзеці.

 

Мы іх навучым смела

Крочыць пад сцягам славы,

Каб поўнілася, звінела

Сіла Савецкай дзяржавы,

 

Дзе ў радасці разам раслі мы

І разам ішлі на бой з імі —

Найлепшымі сынамі Радзімы,

Паўшымі героямі.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан