epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вечны агонь

Нам здаецца,

Што сёння нас бачыць уся планета.

Галасы яе чуем

І яе цішыню.

Сэрцы, біцеся,

Сэрцы, хвалюйцеся,

Сэрцы, ўздымайцеся! —

І над подзвігамі,

і над песняй няспетай,—

Сэрцы, грукайце велічна! —

Мы на варце,

На варце

Каля Вечнага ўсталі агню.

 

Вечны агонь,—

То ён б’ецца павольна,

струменіцца ціха з-пад пліт,

То гудзе кананадаю —

Вырываецца громам з-пад ног.

І заўжды нашы сэрцы,

Здаецца,

Нясуць эстафету

Світання

У блакіт,—

Мы на варце —

Ля Вечнага сталі агню,

Мы на варце! —

Над мірам і праўдай

вялікіх дарог.

Добра бачна адсюль

Крэпасць Брэсцкая нам

і сцяна ля Крамля.

І Мамаеў курган,

І шляхі да славутай Сапун-гары.

На Курганах Славы,

На сцежках гневу,

На шляхах радасці,—

Усюды,

дзе наша жыве зямля,

Над усёю Радзімаю —

Вечны агонь

без спачыну гарыць.

Усюды, усюды, усюды,

Дзе вы, добрыя людзі,

пра будучынь светлую марыце,

Дзе ўздымаецца ўпэўненасць,

Дзе не гасне вясна пачуцця,—

Усюды Вечны агонь,

І мы ўсюды стаім на варце.

На варце,

На варце —

Нашчадкі герояў,

Мы на варце

каля Вечнага агню жыцця!

 

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан