epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Верасы

Навошта шукаеш пралеску

У кроплях світальнай расы,

Мой дружа?..

Ужо на прылеску —

Глядзі — зацвілі верасы...

 

Нямала сказаць можа пільнаму воку

Задумны надсожнага бору куток.

Іржавы патрон ля варонкі глыбокай,

Ці чорны калючага дроту маток,

 

Ці каска, што змрочна з травы выглядае,—

Напомняць, чым некалі жыў гэты кут...

А мне, як Марысю сваю прыгадаю,

Мне самае сумнае ўспомніцца тут...

 

*

Марыся... Калі адыходзілі ўночы

Мы ў лес па расе партызанскіх сцяжын,

Наказвала маці: — Глядзі ж ты, сыночак,

Глядзі там, сястрычку сваю беражы!..

 

Марыся ўсміхалася...

— Чуеш, братуля,

Глядзі, беражы... не пускай у баі...

Ці так зачаруй, каб варожыя кулі

Мяне сустракалі, нібы салаўі...

 

Гарэза-дзяўчынка. Было ёй семнаццаць.

Пра смерць не хацела і слухаць яна.

«Братуля...— казала.— Чаго мне баяцца,

Калі я ў паходы

іду не адна?»

 

Было ёй семнаццаць. Яму, яе другу,

На год, можа, болей,—

я ведаў аб ім:

На ўсю партызанскую нашу акругу

Разведчыкам славіўся ён баявым.

 

Я рады быў дружбе іх — светлай, адданай,

У шчырым каханні ім шчасця жадаў...

Але — як заўсёды ў вайну —

нечакана

Прыйшла ў нашы мары

ліхая бяда...

 

— Братуля...— сказала Марыся аднойчы

(Гучыць яе голас — чуваць і здалёк),—

Не крыўдзіся, родны мой... Гэтаю ноччу

Іду я ў разведку, заве Васілёк...

 

Што мог адказаць я? Хай маці даруе...

Яна даравала...

Судзі не судзі —

Былі мы салдаты...

Праводзіў сястру я

З пашанаю братняй, сардэчна: — Ідзі...

 

...Яны ўжо вярталіся,

побач з атрадам

Былі,— небяспека мінула як бы...

Калі ад маланак варожай засады

Над цёмнай ракой

застагналі дубы...

 

— Бяжы! — загукала Марыся.— Бяжы ты!..

Хутчэй, Васілёк!.. Я табе памагу!..

Бяжы, там чакаюць!..—

Ды птушкай падбітай

Упала, за ўсмешкай схаваўшы тугу.

 

Юнак не пакінуў дзяўчыну на здзекі.

Ваяцкую вернасць аддана збярог.

Ён вынес Марысю з агню...

Ды ўжо лекі

Яе не вярнулі на светлы парог.

 

Яе пахавалі ў зацішку дубровы,

На ўлонні няблеклай асенняй красы.

І помніцца мне:

так агніста-лілова

Цвілі над Сажом у той дзень верасы!

 

Яны расхіналі ля свежай магілы,

Нібыта рукамі, глыбінны пясок.

І пчолка кружыла над імі, кружыла,

І ў пчолкі мядовы зіхцеў паясок.

 

*

Сягоння, як некалі ў дні маладосці,

Стаю ў той дуброве. Ў руках хатылёк.

Стаю не адзін. Завітаў сюды ў госці

І друг партызанскіх гадоў — Васілёк.

 

Стаім... Нейкі молат мне грукае ў грудзі...

— Ну, як ты? — пытаю.— Даўно па вайне...

Мо дзеткі ўжо ёсць? —

Васілёк штось марудзіць...

Цямнее...

Ледзь чутна адказвае: — Н-не...

 

І раптам, нібыта яго памянілі,

Як выбухам, раптам яго падняло:

— Не, не! — Ён крычыць.— Ты паверыш —

з той хвілі

Спакою нідзе мне,

нідзе не было!

 

— Павер мне! — гучыць яго голас журботна.—

Дзе я ні блукаў з той пары, дзе ні жыў,—

Ніяк не забыцца мне светласці роднай,

Што ўбачыў у ёй і чым так даражыў!

 

Забыць не магу ані слоў яе чулых,

Ні вуснаў, ні кос, ні вачэй дарагіх,

Хоць міма нямала жыцця прамінула,

А мне на зямлі — ўсюды пуста без іх!..

 

Высока над намі ў блакіце замглёным

Гучалі адлётных ключоў галасы.

А тут — як тады —

пад страхою зялёнай

Раслі бестрывожна, цвілі верасы.

 

Мы селі на звалены дуб заімшэлы.

Маўчыць Васілёк...

Што ж — сумуе... Няхай...

 

Я й сам памаўчу... І ў мяне, брат, збалела

Душа па такой,

што — хоць век я шукай,—

Не ўбачу раўні ёй...

Бярвяную просінь

Цяпер я вітаю з тугой без яе.

Адзін сустракаю вятроў сугалоссе

І сонца, што ціха-задумна ўстае,

 

І дым-туманок над рачулкай лясною,

І неба вячэрняга зорную рэдзь,—

Усё, што яна так любіла

Са мною

Сустрэць і правесці. І спевам сагрэць...

 

Ды толькі — што зробім мы,

брат Васілёк мой,

Калі між людзямі расстанне жыве.

Вось зараз — мы блізка,

а заўтра — далёка,

Як жоўты лісток, што вятрамі сарве.

 

Але ні расстанне, ні смутак, ні гора

Не справяцца з нашаю дужасцю, не! —

Калі не забудзем адданасць мы скора,

Калі хваляванне ў душы не засне.

 

Жыццю і за тое сказаць трэба дзякуй,

Што любыя вочы глядзелі на нас —

Каханыя вочы!.. За іх у атаку

Хадзілі не раз і мо пойдзем не раз.

 

Дык што ж, захавай чысціню той слязіны,

Што тут, над магілай, з расніцы не сцёр...

Ля гэтага бору, ля гэтай даліны

Ты, брат, не пачуеш ні слова ў дакор.

 

Хадзем, Васілёк. Непазбыўную ў свеце

Патрэбна нам вернасць пранесці праз век.

І хай верасовая, чыстая квецень

Спакойна сінее між пушчаў і рэк...

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан