epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вежа

Падыміце тую вежу,

Тую вежу, як мярэжу,

Падыміце тую вежу,

Ды няхай вышэй імкне.

Тую вежу над дубровай,

Што пад хмаркай папяловай —

Сіняй хмаркай папяловай —

Стала марай для мяне.

 

Падыміце, падыміце

Вежу светлую ў блакіце.

Вежу светлую ў блакіце —

Усю ў сонца прамянях.

Не магу я без той вежы,

Без той вежы, як мярэжы,

Не магу я без той вежы

Аб наступных думаць днях.

 

Можна жыць без ласкі, чараў,

Без літаўраў і штандараў,

Без струны салодказвоннай,

Што бяссмерце нам пяе.

Але нельга жыць без мары,

Без святой, бясконцай мары,

Без трывожнасці ў той мары,

Без прачыстасці яе.

 

Нельга дня пражыць без высі,

Без хаця б маленькай высі,

Дзе для кожнага ўзняліся

Свае сонца і вясна.

Падыміце ж, падыміце

Вежу светлую ў блакіце,

Вежу светлую ў блакіце —

Стала марай мне яна.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан