epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Віно

Наліў мне таварыш

Шклянку віна.

І выпіў я шчыра

Віно ўсё да дна.

 

І толькі я выпіў

Тое віно —

Што нарабіла

Са мною яно!

 

Здалося мне раптам,

Што я капітан,

Вяду карабель,

А наўкол — акіян.

 

Праз цемру —

адно толькі

Зорка міргне,

А хвалі гайдаюць,

Кідаюць мяне.

 

І ўсё ж прабіваўся

Я ўперад як мог.

І думаў вось так

Без ніякіх трывог:

 

Калі капітан я

І ўперад плыву,

Дык што мне над нечым

Ламаць галаву,

 

Напэўна ж, зямля

Ад мяне не ўцячэ?! —

Я гэтак падумаў...

І... выпіў яшчэ...

 

Не ведаю, як я

Дадому прыйшоў.

А дома я

сумную

Маці знайшоў.

 

Я з ёй гаварыць тады

Здолеў ледзь-ледзь.

І цяжка

назаўтра

Было зразумець,

 

Чаму яна кажа:

— Ты не капітан,

Бо ўеўся ў тваю

Галаву дурнап’ян,

 

Ты не капітан,

Ты — стары карабель,

Што страціў напрамак

І ўсеўся на мель...

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан