epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Восень на моры

Паімчалі па моры

Белагрывыя коні,

Узаралі марскія

Зялёныя гоні,

Спатыкнуўшыся, злосна

Закружылі ў барознах,

Заіржалі камусьці

Далёка-пагрозна.

 

І адразу на скалах

Загулі кіпарысы,

І, расплыўшыся, зблеклі

Гор высокіх абрысы,

І адразу, ні слова

Не сказаўшы нікому,

Маё сэрца ўзнялося

Па-над морам дадому.

 

Ты не крыўдзіся, бераг,

Непаўторна-пяшчотны,

Сумна-ўсмешлівы позірк

Дарагі, мімалётны.

Не сярдуйце вы,— трэба

У час буры-пагрозы

Быць мне там, дзе

асенні

Вецер хіліць бярозы.

 

Пажаўцела краса іх,

Паразвеяны лісці,

Што шапталі пра ласку

Нам вясною калісьці,

Што спявалі нам песні,

Не ўздыхалі ні разу,—

Дык павінны і ўвосень

Быць мы з імі ўсе разам!

 

Разам з імі, такімі,

Што заўсёды не проста

Усміхаюцца полю

Белапеннай бяростай,

А таму, што так мужна

Жыць па шчырасці ўмеюць —

Ці праменяцца вёсны,

Ці груды ледзянеюць...

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан