epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Восьмае сакавіка

Мне, што б там ні стала,

Патрэбен ландыш...

Ну няхай хоць маленькі —

Светла-зыркіх хоць вочак з пяць...

Мне сказалі:

Далёка на схілах

Цянь-Шаняў і Андаў

Ужо расцвілі яны.

А мне...

Як мне адтуль іх узяць...

 

Людзі, людзі, паверце! —

Мне, што б там ні стала,

Патрэбен ландыш!..

Дзе каб радасць і сонца

І лятунку вясновага рух...

Прынясіце — прашу вас! —

Хто яшчэ здольны па ласку —

прынясіце мне ландыш

Для самых спрацаваных

У свеце рук.

Мо адзін толькі бог

Ды зямля, наша маці,

дарэшты і ведаюць,

Як гарэлі

на гэтых руках

Самацветаў агні —

мазалі...

Колькіх яны

з самай шчыраю ласкай

Ратавалі ад бедаў,

Колькі яны і чаго

перамылі

і перарабілі

На нашай святой

і прывабна найгрэшнай зямлі!

 

Я ляжу, бы ўваскросшы,

Як пасля штурмавога налёту,

Прыкаваны да ложка

Кулямётам інфарктнай чаргі.

І яны,

гэтыя добрыя рукі,

рукі бясконцай работы,

турботы

і цёплай пяшчоты

Абмываюць мяне,

Саграваюць мяне,

Пояць сокам лагоды

з халадком мацярынскай тугі...

 

Як хацеў бы я зараз

Дацягнуцца да іх,

пацалункам аддаць

і пашану сваю ім, і радасць...

Як хацеў бы!

Ды сэрца

Сумна просіць: ляжы, не дабі, не скрышы...

А сягоння ж свята...

Такое свята!..

Прынясіце ж мне, людзі,

хоць маленечкі ландыш —

Для найчысцейшых у свеце рук

І найсвятлейшай у свеце душы!

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан